Інтэграваны занятак «Смачна есці»
23 студзеня 2026 года ў нашым цэнтры прайшоў інтэграваны занятак “Смачна есці” з навучэнцамі трох аб'яднанняў па інтарэсах: “Англійская мова”, “Іспанская мова”, “Уменні і навыкі для падлеткаў”. Заняткі праводзіліся з мэтай павышэння ўзроўню ведаў навучэнцаў па замежных мовах, адпрацоўкі навыкаў умення ўспрымаць на слых замежную мову, складання тэкстаў. Для папулярызацыі роднай мовы занятак праводзіўся на беларускай мове. Вядучай была Булавінава Стэфанія, неаднаразовая пераможца беларускіх літаратурных конкурсаў.
Педагогі Бондар Я.У., Бурко У.І. і Запатылак Н.П. падрыхтавалі практыкаванні па тэме "Ежа". Акрамя лінгвістычных, былі і творчыя заданні. Неабходна было падрыхтаваць відэа на беларускай, англійскай і іспанскай мовах па прыгатаванні святочнай стравы. Удзельнікі заняткаў перакладалі аўдыё тэксты. Таксама педагогі падрыхтавалі віншавальныя паштоўкі. Рабяты павінны былі зразумець, з якім святам іх павіншавалі і якія пажаданні прагучалі ў паштоўцы. У якасці размінкі навучэнцы разгадвалі загадкі, вырашалі рэбусы, спявалі песні на іспанскай, англійскай і беларускай мовах, у якіх былі тытры-віншаванні з мінулым Новым годам і Калядамі.
Занятак быў вельмі пазнавальным і цікавым. Навучэнцы з задавальненнем выконвалі ўсе заданні. На занятках прысутнічалі госці, якія таксама былі ўцягнуты ў працу: метадыст нашага цэнтра Бераснева А.В., маці навучэнкі Булавінава І.В., навучэнцы сярэдняй школы №3, якія ў школе вывучаюць іспанскую мову як другую.
У канцы мерапрыемства педагогі пачаставалі ўсіх прысутных цукеркамі, якія мелі вельмі прыдатную назву «Самы разумны».
