Рус
Бел

Дзіцячае свавольства

Адна з прычын узнікнення пажараў - дзіцячае свавольства, няўмелае абыходжанне з агнём і вогненебяспечнымі прадметамі дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту. Чаму гэта адбываецца? Адказ просты: у недастатковым навучанні дзяцей правілам пажарнай бяспекі. Навучанне - гэта пашырэнне ведаў, знаёмства з асноўнымі прычынамі ўзнікнення пажараў, прывіццё элементарных навыкаў асцярожнага абыходжання з агнём і ўменне правільна дзейнічаць у выпадку ўзнікнення пажару, выкананне патрабаванняў правілаў пажарнай бяспекі.

Дзецям неабходна тлумачыць небяспеку гульняў і свавольстваў з агнём, правілы засцярогі ў абыходжанні з электрабытавымі прыборамі. Навучыць дзяцей карыстацца першаснымі сродкамі пажаратушэння (агнятушыцелямі), выклікаць на дапамогу службу МНС. Дзеці павінны свядома выконваць у дзіцячым садку, дома, на вуліцы, у лесе патрабаванні правіл пажарнай бяспекі.

Найлепшы спосаб навучыць дзяцей правілам пажарнай бяспекі, гэта ўласны прыклад. Калі тата кажа, што нельга гуляць з запалкамі, але пры гэтым сам чыркае запальнічкай або кідае недакуркі, то эфекту наўрад ці можна дабіцца. Калі мама кажа не тапіць печ адчыненай, але сама забывае зачыніць дзверцы топачнай адтуліны - дзіця запомніць дзеянне. Лепшы спосаб зрабіць жыццё дзяцей бяспечным - самім правільна карыстацца электрапрыборамі, пячным ацяпленнем, быць асцярожнымі з агнём і ўласным прыкладам вучыць дзяцей.

Важныя правілы, якія абавязаны ведаць кожны дарослы: не пакідайце без нагляду дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту, не дазваляйце ім карыстацца лёгкімі на загаранне матэрыяламі; сочыце за газавымі і электрычнымі прыборамі; растлумачце дзіцяці, што нельга гуляць з лёгкаўзгаральнымі прадметамі і вадкасцямі (запалкі, запальніцы, аэразолі і т. д.), нельга паварочваць вентылі газавай пліты і калонкі, нельга чапаць рэжучыя і колючыя прадметы (нажы, нажніцы, іголкі і т. д.); у выпадку выяўлення пажару неадкладна тэлефанаваць па нумары 101.